ПЁТР З ГАНЁНДЗА (Пётр Гезка з Ганёндза; паміж 1525—30, мяст. Гонёндз Падляскага ваяв., Польшча — 15.9.1573),
ідэолаг левай, сялянска-плебейскай плыні Рэфармацыі на Беларусі і ў Літве, антытрынітарый. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1551), удасканальваў веды ў Італіі, Швейцарыі. У 1554 праф. сафістыкі ў Падуанскім ун-це. Паслядоўнік рэліг.-філас. вучэння ісп. вучонага М.Сервета і сац.-паліт. ідэй мараўскіх антыбаптыстаў. Адмаўляў царк.-тэалагічную і філас. схаластычную традыцыі; выступаў супраць прыватнай уласнасці, сац. няроўнасці, войнаў, феад. права, свецкай улады, пакарання смерцю. Удзельнічаў у антытрынітарскіх сінодах, палемізаваў з С.Будным. Выдаў на лац. мове творы «Супраць боскасці Ісуса Хрыста» (1557), «Аб першахрысціянскай царкве» (1563?; не зберагліся), на польскай мове «Пра трох», «Пра сына Божага» і «Пра хрысціянскае хрышчэнне» (усе каля 1570). Яго паслядоўнікі Павел з Візны, Якуб з Калінаўкі, М.Чаховіц.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1970;
Падокшын С.А., Сокал С.Ф. Палітычная і прававая думка Беларусі XVI—XVII стст. 2 выд. Мн., 2000.
С.А.Падокшын.
т. 12, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)